author-avatar
Алла

Стихи про белорусскую мову

Стихи про белорусскую мову

Пімен Панчанка
Родная мова

Кажуць, мова мая аджывае
Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.
Для мяне яна вечна жывая,
Як раса, як сляза, як зара.
Гэта ластавак шчабятанне,
Звон світальных палескіх крыніц,
Сінь чабору, і барвы зарніц,
І буслінае клекатанне.
Калі ж хто загадае: “Не трэба!” –
Адрачэцца ад мовы народ, –
Папрашу я і сонца, і неба:
Мне не трэба ні славы, ні хлеба,
Асудзіце на безліч нягод.
Толькі месяцаў назвы пакіньце,
Назвы родныя роднай зямлі,
Пра якія з маленства ў блакіце
Бор шуміць і пяюць жураўлі:
Студзень – з казкамі снежных аблокаў,
Люты – шчодры на сіні мароз,
Сакавік – з сакатаннем і сокам
Непаўторных вясновых бяроз,
Красавік – час маланак і ліўняў,
Травень – з першым каханнем, сяўбой,
Чэрвень – з ягаднаю зарой,
Ліпень – з мёдам,
З пшаніцаю – жнівень,
Спелы яблычны верасень,
Светлы кастрычнік
У празрыстасці чыстай, крынічнай.
Лістапад – залаты лістапад,
Снежань – першы густы снегапад…
Ці плачу я, ці пяю,
Ці размаўляю з матуляю –
Песню сваю, мову сваю
Я да грудзей прытульваю.

Аляксей Пысін
Дала мне маці гэту мову...

Дала мне маці гэту мову,
Каб не нямым прыйшоў у свет,
Дала мне маці гэту мову,
Як спадчыну і запавет.
Была яна не беларучкай
І на жніве, і на сяўбе;
На глебе добрай беларускай
Здабыты словы ўсе яе.
Прапахлі сонцам і падзолам,
Дажджамі, сокамі раслін,
Пад знак рукам яе мазольным,
Што мелі толькі ў сне спачын.
Дачка мая! У жыццёвай прозе
У буднях і святочным днём
Не пакідай яе ў парозе,
Калі ў нечы ўвойдзеш дом.

Максім Танк
Родная мова

З легендаў i казак былых пакаленняў,
З калосся цяжкога жытоў i пшанiц,
З сузор’яў i сонечных цёплых праменняў,
З грымучага ззяння бурлiвых крынiц.
З птушынага шчэбету, шуму дубровы,
I з гора, i з радасцi, i з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святынi народа, бяссмерця яго, –
Ты выткана, дзiўная родная мова.
Няма на зямлi таго шчасця i гора,
Якога б ты нам перадаць не магла.
Няма такiх нетраў, глыбокага мора
I гор, праз якiя б ты не правяла
Мяне на радзiму, туды, дзе сягоння
Стаiць акрываўлены вораг з пятлёй
Над спаленай хатай, над родным загонам,
Над будучыняй і песняй маёй –
Над тым, што было i што век будзе вольным.
Народ пранясе цябе, родная мова,
Святлом незгасальным у сэрцы сваiм
Праз цемру і годы змаганняў суровых.
Калi ж ападзе і развеецца дым
I нiвы васкросшыя закаласяцца, –
Iзноў прашумiш ты вясновым дажджом,
Iзноў зазвiнiш ты у кожнай у хаце,
Цымбалам дасi iх сарэбраны гром
I вусны расквецiш усмешкай дзiцяцi.

Сяргей Чыгрын
Кажыце сваяцтва, а не радство

Кажыце сваяцтва, а не радство,
Кажыце краса, пекната, хараство,
І дабрыня, меншыня, меншыня –
Кажыце, пакуль вам падказваю я.
Адметны кажыце і адмысловы –
Такія прыгожыя родныя словы.
Кажыце круцёлка, а не вяртушка,
Кажыце ваяка, жаўнер і ваяр,
Ялінка, ядловец, юшка і яр.
Малы і малеча, а не малыш,
І вельмі прыгожае слова спаміж.
Забудзьце ляднік, а ёсць наша – лядоўня,
Трайняты кажыце заўжды, а не тройня.
Крумкач ці груган, ды толькі не воран
Кажыце, калі ён лятае над борам.
Ёсць плата, вядома, а не плацеж.
Ды куфлем піва суседа пацеш.
Пасля пачастуй баханкай хлеба,
А не буханкаю – гэтак не трэба.
Кажыце, што ў збан малако наліваецца,
Але не жбан ці жбанок падстаўляецца.
Не загавор вы кажыце, а змова –
На словы багатая родная мова.
Ёсць слова наросхрыст – не нараспашку,
Сарочку сваю апрануць – не рубашку.
Ёсць слова паспешлівы – ды не таропкі,
Нялёгка прайсці праз горы і сопкі.
Ёсць слова таннець – не дзешавець…
Нам блізкія словы лягчэй зразумець.
На іх і трымаецца родная мова –
Таму беражыце яе кожнае слова!

Анатоль Грачанікаў
Мова…

Родная мова
У марах, у песнях, у снах.
Мае ў ёй кожнае слова
Свой колер, і смак, і пах.
Зліваюцца гукі ў словы
I ў рэчышча роднай мовы,
Як рэкі ў мора, цякуць,
I думкі мае плывуць
На хвалях і дзён, і начэй
Да сэрцаў людскіх і вачэй.

Леанід Дайнека
Беларусь, ты не забыта…

Беларусь, ты не забыта.
У душы, як Божы знак:
Хата… Канюшына… Жыта…
Бульба… Бусел… Шпак…
Мроя… Хлопец закаханы…
Цемра… Шлях дамоў…
Беларусь, ты збудавана
З беларускіх слоў!

Еўдакія Лось
Не чакайце, што буду хваліцца…

Не чакайце, што буду хваліцца
Перад іншымі мовай маёй.
Хіба хваліцца з лесу крыніца,
Што грымотней яна за прыбой?
Той, хто любіць папраўдзе, ён ціха
Слова роднае ў сэрцы спяліць,
Беражэ ад пагарднага ліха:
Калі слову, то й сэрцу баліць…

Обсуждение (0)