Ёжка Публикации Образование и воспитание Стихи, стишки и стихотворения для детей, поздравления Белорусские стихи про весну для детей: вершы пра вясну на беларускай мове
author-avatar
Анюта

Белорусские стихи про весну для детей: вершы пра вясну на беларускай мове

Самыя прыгожыя вершы пра вясну: беларуская паэзія для дзяцей
Вясна — гэта час абуджэння прыроды, першых сонечных прамянёў і звонкіх ручаёў. Менавіта ў гэтую пару года слова гучыць асабліва мілагучна. У нашым раздзеле мы сабралі лепшыя белорусские стихи про весну для детей, якія дапамогуць маленькім чытачам адчуць усю прыгажосць роднага краю.
Гэтыя вершы пра вясну на беларускай мове напісаны нашымі славутымі класікамі і сучаснымі паэтамі. Яны выдатна падыходзяць для чытання ў сямейным круле, для школьных святаў ці конкурсаў чытальнікаў. Кароткія і звонкія радкі лёгка запамінаюцца, развіваюць маўленне і выхоўваюць любоў да прыроды. Давайце разам сустракаць вясну светлымі словамі і добрым настроем!

Белорусские стихи про весну для детей: вершы пра вясну на беларускай мове

***
Вясновы вечар.
Сонца нiзенька зусiм
Па-над небакраем,
I, здаецца, можна з iм
Стрэцiцца за гаем.
Гаснуць промнi – i за лес
Медны шар садзiцца
Адпачыць за ноч, каб лепш
Заўтра засвяцiцца.
Алесь Ставер

***
Салаўi.
Як толькi святочны
Засвецiцца дзень,
Дзядуля з кiечкам
Па весцы iдзе.
Вялiкую кайстру
Нясе ен з сабой.
I дзецi
Яго абступаюць
Гурбой.
— Дзядуля!
Свiсткi пакажыце! –
Крычаць.
Павольна ен кайстру
Здымае з пляча.
I з кайстры таропка
Бяруць хлапчукi
Глiняныя цацкi –
Малыя свiсткi.
…Яшчэ на бярозках
Не выбiўся лiст,
А ўжо салаўшны
Разносiцца свiст.
Старыя глядзяць
Нарэшце адкрылi
Сакрэт жыхары:
— Ды гэта ж
Ганчар зарачанскi,
Хвядос,
Малым напаседам
Забаўкi прынес.
Не будзе цяпер iм
Спакою i сну…
Раздаў iм Хвядос
Не свiсткi?
А вясну.
Алесь Ставер

***
Вясна
Ідзе вясна ўжо, дзякуй Богу!
Згінуў снег з сырой зямлі;
Папсавала гразь дарогу,
Перавалы загулі.

Сонца грэе, прыпякае;
Лёд на рэчцы затрашчаў.
Цёплы вецер павявае,
Хмар дажджлівых нам прыгнаў.

Вось і бусел паказаўся,
Гусі дзікія крычаць,
Шпак на дубе расспяваўся,
Жураўлі ужо ляцяць.

I зіма, як дым, прапала!
Зелянее луг, ралля.
Як ад болю, ачуняла
Наша родная зямля.
Якуб Колас

***
Раніца вясною
Ціха ў полі, ціха ў лесе,
А ні шэпне вецярок,
Толькі дзесь у паднябессі
Льецца звонкі галасок.

Як бы срэбраны званочак,
Роніць ўніз за трэлем трэль,
Аж заслухаўся гаёчак,
Не парушыцца і ель.

На усходзе бляск агністы
Літым золатам дрыжыць;
Слуп высокі, прамяністы
Роўным полымем гарыць.

Тонкіх хмарак валаконцы
Сталі хораша ў радок,
Як бы ўюць яны для сонца
З тых валоканцаў вянок.

Ціха ў полі, ціха ў лесе,
Чуць балбоча ручаёк,
А высока ў паднябессі
Льецца звонкі галасок.
Якуб Колас

***
На полі вясною
Люблю я прыволле
Шырокіх палёў,
Зялёнае мора
Ржаных каласоў.

I вузкія стужкі
Сялянскіх палос —
Люблю цябе, поле,
Люблю я твой плёс.

Ігрушы старыя,
Што ў жыце шумяць,
Зялёныя межы,
Далёкую гладзь.

Люблю я дарогі,
Што леглі між гор,
Ўнізе пад гарою
Ручча разгавор.

Люблю я узгоркі,
I насып-курган,
I сіняй далечы
Празрысты туман…

Люблю пазіраць я
На поле вясной,
Як ветрык жартліва
Плыве збажыной.

Калышацца жыта,
Радамі бяжыць,
А хваля паветра
Дрыжыць і дрыжыць…

Люблю я прыволле
Шырокіх палёў,
Зялёнае мора
Буйных каласоў.
Якуб Колас

***
Песня аб вясне
Уцякай, мароз-дзядуля,
Чуеш ты, стары, ці не?
На пагорках — булі-гулі! —
Песні чуюцца вясне.

Звоніць, скача, як дзіцятка,
Гэты жэўжык-ручаёк.
На яго, бы тая матка,
Сонца кідае свой зрок.

А ён, гучны і смяшлівы,
Так і ходзіць аж дрыжыць,
I другі сябрук шчаслівы
Насустрэч яму бяжыць.

Ты паслухай, дзед сярдзіты,
Што там чуецца ўгары?
Што за спеў за самавіты
У небе правяць песняры?

А зіма аж пачарнела —
Годзе ёй тут кросны ткаць!..
Гэй, маленства, жыва, смела
Выйдзем весну прывітаць!

А як слаўна каля хаткі
Нам пабегаць, пагуляць!
Ну, зіма, збірай манаткі,
Годзе нас табе ўшчуваць!

Маладая вясна,
Залатая пара!
Будзь красна і ясна,
Не шкадуй нам дабра!

Вокам маткі зірні,
Бледнасць з твару згані!
Дай уздужаць малым
Пад павевам тваім.
Мы вяночак спляцём,
Табе песню спяём.
Якуб Колас

***
Явар і каліна
Песняй вясны лебядзінаю,
Скінуўшы зімнія чары,
Шэпчуцца явар з калінаю
Ў сумнай даліне над ярам.

Лісцікі зеленяй хваляцца
Небу панятлівай мовай:
Росамі мыюцца раніцай,
Песцяцца сонцам паўднёвым.

Захадам модлы пакорныя
З маткай-зямлёй адпраўляюць;
Тайна у ночаньку чорную
Месяца, зор выглядаюць.

Слухаюць смехаў русалчыных,
Лопату крылляў начніцы,
Ветру павеваў ап'янчаных,
Плюскату шклістай крыніцы.

Чуецца музыка дзіўная
Ў повесцях сонных імшараў…
Цешыцца явар з калінаю,
Скінуўшы зімнія чары.
Янка Купала

***
Вясна ідзе...
Вясна ідзе.
Светачна. Зорачна.
Радасць жыццёвая –
Ва усе бакі.
Любуюся ціха,
Як першым променем сонечным
Разгавеюцца коцікі ля ракі.
Ніна Аксёнчык

***
О май, — пара кахання
О май, — пара кахання.
У шлюбным вэлюме прырода.
Шалеюць птушкі ад світання
Любоўным спеўным хараводам.

Ад сонечнага пацалунку
І водар квецені духмяны.
Яна — найлепшыя дарункі
Для душ і сэрцаў закаханых.

А набухлыя пялёсткі –
Як прыгажунь хмяльныя губы.
Што ў гарадах, мястэчках, вёсках
Хлапцоў прыводзяць да загубы.

І млее сэрца ў час вясновы.
І закаханым не заснуць –
Губляюць рэчы і галовы.
Хмяльную брагу маю п’юць.

Усё – і людзі, і прырода-
У чарах светлых пачуцця.
Благаславенне Бога Рода
На шчасце і працяг жыцця.
Ніна Аксёнчык

***
Першы дожджык
О слёзы першыя вясны –
Як слёзы першыя кахання…
Вы змылі чараў зімніх сны –
Паўсюль прасветленасць літання.

Сышоў у ноч халодны снег
Грамнічна-цёплымі дажджамі.
І ручайкоў шчаслівых бег
Пяе, звініць пад капяжамі.

І столькі волі скрозь, жыцця…
Ўздыхнеш – душа вясны нап’ецца.
Бягу у дождж я, бы дзіця,
Хай сэрца і баліць, і б’ецца.
Ніна Аксёнчык
Стихотворения для детей — смотрите в разделе на Ежке


Детские стихи и поздравления с днем рождения для детей - загляните в наш полезный раздел.

Обсуждение (5)

Вясновая кніга
Вясна ў ядвабах, аксамітах
Прыйшла на пушчы і палі,
Зімы даношаную світу
Зняла з набраклае зямлі.

Прыйшла — і рэчка заспявала,
Успыхнуў, быццам свечка, куст…
Усё як ёсць пафарбавала
Пад свой зялёна-сіні густ.

Нібы хто жаўрукоў шархоткі
Прыбіў да неба-палатна,
На дрэвах пчол руплівых сходкі
Гудуць ад золку да цямна.

Пакінуўшы далёкі вырай,
Вярнуўся ўвесь птушыны рой,
I бусел, як ТУ-104,
Прымчаў аднойчы раніцой.

Працуючы ўвесь дзень з ахвотай,
Свой дом узвёў без малатка.
Забарабаніў белым шротам
У гляк бярозавік з латка.

Блішчаць пад сонцам баразёнкі,
А цішу трактар скалануў,
Як быццам першыя старонкі
Вясновай кнігі адгарнуў.
Пятрусь Броўка

***
Гэты, кветкамі-пухам абсыпаны, сад...
Гэты, кветкамі-пухам абсыпаны, сад
Дваццаць год пасадзілі назад.
Разгулялася скрозь маладая краса,
На духмяных лістах серабрыцца раса,
Села чырвань-зара на зялёны прыпол…
Што-ж ты сумна глядзіш за палётамі пчол?
Час вянкі нам уздзець над юнацкім чалом,
Па пчаліным шляху свой агледжваць дом,
I на першы прамень, узышоўшы вясной,
Разам ў поле жыцця вылятаць раніцой.
Там ліпоўнік густы, светлавокі язмін,
Будзем мёд сабіраць мы з пахучых далін…
Сядзем потым спачыць мы пад лістам адным.
Згодна ты?..
Ты маўчыш…
Паляцім?!
Паляцім!
Пятрусь Броўка

***
Май зялёны на парог
Май зялёны на парог.
Ночка. Вішні белыя.
Ходзім мы з табой удвох,
Нібы звар’яцелыя.

Не страчаліся з зімы.
Што ж мы не бяседуем,
I чаго жадаем мы, —
Самі мы не ведаем.

Падае нам певень знак —
Блізка ўсход, світаецца,
Нашы ж рукі аніяк
Штось не разнімаюцца.

Салаўіны галасок
У садах ваколіцы,
Месяц быццам назнарок
Сам не супакоіцца.
Пятрусь Броўка
Па-над белым пухам вiшняў...
Па-над белым пухам вiшняў,
Быццам сiнi аганёк,
Б'ецца, ўецца шпаркi, лёгкi
Сінякрылы матылёк.

Навакол ўсё паветра
Ў струнах сонца залатых, —
Ён дрыжачымi крыламi
Звонiць ледзьве чутна iх

I лiецца хваляй песня —
Цiхi, ясны гiмн вясне.
Цi не сэрца напявае,
Навявае яго мне?

Цi не вецер гэта звонкi
Ў тонкiх зёлках шапацiць?
Або мо сухi, высокi
Ля ракi чарот шумiць?

Не паняць таго нiколi,
Не разведаць, не спазнаць:
Не даюць мне думаць зыкi,
Што ляцяць, дрыжаць, звiняць.

Песня рвецца i лiецца
На раздольны, вольны свет.
Але хто яе пачуе?
Можа толькi сам паэт.
Максім Багдановіч

***
Пачатак вясны
Уначы ля цёплае вярбы,
У лістах стуліўшыся, вясна
Веек не магла падняць ад сна,
Толькі з рэхам жураўлінае трубы
Ранкам прахапілася яна.

Адгрымеў за вёскай крыгалом.
Вылецела з вулею пчала,
І дзяўчынка з гладыша нагбом
Першы сок бярозавы піла.

І такім прыгожым здаўся твар,
Блізкі мне да кожнае сузлінкі,
Сонца сакавіцкага загар
З першаю вясновай рабацінкай.

Нечакана ў гэты ясны час
Сталася на свеце дзіва,
Хоць я з ёю бачыўся не раз,
Ездзіў у начное, на папас, — Зразумеў упершыню, што быў шчаслівы.

Пакідала нас маленства цішыня,
Казка саступала месца былі,
І адчулі мы: у птушанят
Выраслі ўжо для палёту крыллі.

Значыцца, прышла-такі яна,
Тая, што была жаданай, крэўнай, — Маразамі скутая вясна,
Казачная, мілая царэўна.
Васіль Вітка

***
Жураўліная чарада...
Жураўліная чарада
Цёпла пасміхаецца
Сонца залацістае.
Над зямлёй вясноваю —
Небачка ўрачыстае.
Над ляском, над горкаю
Жураўлі ляцяць,
Рымскаю пяцёркаю —
Ў небе чарада.
— Жураўлі, журавачкі,
Мае птахі шчырыя!
Што вы чулі, бачылі
У далёкім выраі?
— Мы радзіму бачылі
У блакітных снах,
I здалёк пачулі мы:
Кліча нас вясна.
— Жураўлі, журавачкі,
Крылы натамілі вы.
Можа, прыпыніцеся,
Адпачніце, мілыя?
— Сонца залацістае
Ззяе ў добры час,
Небачка ўрачыстае
Не стамляе нас.
Чара-чара-ча-ра-да,
Чара-чарада…
Блізка гнёзды родныя,
Ціхая вада!
Васіль Жуковіч

***
Вясна-красна на ўвесь свет
Мінулі завеі, панурыя дні;
Гараць на усходзе зарніцаў агні.
Вясна-красна на ўвесь свет!

Іду валачобнікам я па зямлі,
Вітаю вясну, што прыйшла на палі.
Вясна-красна на ўвесь свет!

Спяшайся, вясна, і маўчанне зімы
Вятрамі, дажджамі грымучымі змый.
Вясна-красна на ўвесь свет!

Будзі жаўрукамі жытнёвую рунь,
Палі незгасальную ў небе зару.
Вясна-красна на ўвесь свет!

Дай буйную завязь цяністым садам,
Спакойныя хвалі купальскім вянкам.
Вясна-красна на ўвесь свет!

А мне памажы скласці гэткі напеў,
Каб век ён у сэрцы народа звінеў.
Вясна-красна на ўвесь свет!
Максiм Танк
Еще стихи про весну на белорусском языке.
Ірынка
Ірынцы спадабалася
Цудоўная вясна.
Як восені даждалася,
Пайшла прасіць яна,

Прасіць нябёс ня хмарыцца,
Вятроў — не галасіць,
Срабрыстых росаў раніцай
На травах не гасіць;

Каб сонейка высокае
Сьвяціла на палі,
А кветкі сінявокія
Зноў на лугох цьвілі;

Прасіць сям'ю крылатую
Зь лясоў не адлятаць,
Бярозку расахатую
Лістоў не атрасаць…

Прасіла яна шчыра так,
Прасіла ўсю зіму,
І мо' вясна аж з выраю
Вярнулася таму.

Вярнулася, пяе ізноў
Зь бярозкай над ракой,
Пяе сярод дуброў, лугоў
Зь Ірынкаю малой.
Максiм Танк

***
Вырай
Зелянеюць зноўку лазнякі,
А ў вясеннім небе — крык птушыны,
Крык птушыны — голас жураўліны
Над палямі, над прасторамі ракі.

Небасхіл ахоплены зарой.
I з крыла у важака старога
Падае на чорныя разлогі,
Дзівамі іграючы, пяро.

Вось яно кранула хмар граду —
I яны вясёлкамі заззялі;
Зачапіла вербаў чараду —
I яны уміг закрасавалі;

А калі апала на ваду,—
Пасінелі, зашумелі хвалі,
Нерастуючы, пайшлі самы па дну,
I сузор'і лілій паўсплывалі…

Кажуць, каб злавіў тое пяро,
Казачнікам стаў бы, чарадзеем.
Кожнаю вясенняю парой
Я вы ходжу з тайнаю надзеяй

На шляхі і на прасторы ніў,
Дзе губляе вырай свае пер'і…
Хоць даўно мінулі тыя дні,
Калі я ва ўсе прыкметы верыў.
Максiм Танк

***
Вясна
З вясной прыходзіць закаханне,
І абуджэнне ада сну,
Любімым дарым мы прызнанні,
Адчуўшы раннюю вясну.

Хвалюясь, мы нясем букеты:
Пралескі, ландыш — пах вясны.
Любімым пiшам мы санеты,
Нясем падснежнік — квет лясны.

Мы апантаны закаханнем,
Нас водар бэзу закружыў.
Наш розум захаплён жаданнем,
Вясны дурман заваражыў.

Вясна ў нас быццам прабуджае
Ўсё, што ёсць лепшае у нас.
Пяшчотай, сонцам сагравае,
Пяе капеллю свой раманс.

Зялёным дываном заслае
Бясконцы далягляд палёў,
Галінкі дрэваў аздабляе,
Нібы мастак рукой правёў.

Вясна нам дорыць закаханне,
І будзіць нас дарыць любоў.
Яна штурхае на прызнанне
Ў любві, каханні, зноў і зноў.
Алег Грушэцкі

***
Вясна
Iз-пад снегу, на ўзлеску,
Паказалiся пралескi.
Першы подых веснавы — Павадка грымяць званы.

I гамонiць наваколле,
Раўчукi паўсюды ў полi.
Каля лужы стаiць грак — Гэта вельмi добры знак.

Хвойнiк малады смяецца:
„Зiма доўга не вярнецца!
Прачынайся ўсё ад сна,
Прынясла цяпло вясна!”
Сяргей Брандт
Вялiкдзень
Канец сакавiка,
Вятрыска слiбiзуе
У голлi голым
Веснавы матыў.
Заўзята яйкi
Хлапчукi зубуюць.
Снягi пажухлi.
Павалiлiся платы.
Святочнаю узнёсласцю
Асветлены прасторы.
Сiнее неба.
Вольная рака,
Лугi залiўшы,
Расплылася морам,
Вось-вось зазвонiць
Песня жаўрука.
Кастусь Турко

***
Першая адталая зямля...
Першая адталая зямля,
I зімы нібыта не бывала.
Зелянее траўка спакваля,
Пахнучы самой зямлёй адталай.

I сябе лаўлю я зноў на тым,
Што зямля і я — адно і тое,
Гэтая — з пясочкам залатым,
Што сама, як сонца залатое.

Сіні нерасплёсканы зеніт.
He зглядзецца — маладое гхоле…
Калі я душой з зямлёю зліт,
Ці ж збаюся зліцца з ёю колісь?..

Як яна, я стану адтаваць,
Стану дыхаць песняй жаўруковай,
У траве і кветках ажываць
Кожны год нанова і нанова…
Алег Лойка

***
Талая вясна
Промень сціху прабег,
Звонкі, як струна.
Талы снег, ты — не снег,
Талая вясна!

Калі талая ты,
Значыцца, мая,
А не хтось з нематы
Ў свяце ручая!

Бо адно, што ў мяне —
Талыя гады!
Як прызнацца вясне,
Што — немалады?!

Дні — сняжынкі мае,
Снежкамі — гады…
Ой, стае, ой, стае
Талае бяды!..
Алег Лойка

***
Мажорнае
Зноў вясна! —
прэч, адзежы зімы,
з цела, з душы, з учарашняй надзеі!
Вольны цяпер:
захачу —
горадам прарасту,
камяніцамі ў цёмнае неба.

Страпянуўся ад тупату ног,
ад крыку травы,
ад трызнення вады,
ад сп'янелага ветру,
што рвецца ў трамвайныя дзверы.

Стану смерчам рэклам,
стану ноччу і днём
і заложнікам першага грому.
Вольны цяпер! —
захачу —
над зімою паплачу.
Міхась Стральцоў

***
Позніцца вясна
Лянівай сцяты прахалодай,
Нясмела абудзіўся клён.
Вясна з відочнай неахвотай
Ідзе у сонечны палон.

Дажджы за морамі паснулі,
На ветры петрае лаза.
Зіма у снегавай кашулі,
Глядзі, шчэ вернецца назад,

Каб раўчуковыя маршчыны
Зраўняць, каб сцішанай бядой
Пазначыць заўтра свіст шпачыны
I голас пліскі над вадой.

Незразумелае трыванне
Ва ўсёй прыродзе. Час нуды,
Развагі і супрацьстаяння
Нішчымнай хмары і вады.
Міхась Стральцоў
ЗАМЯЦЕЛІЎ ВІШАНЬКАМІ МАЙ...

Замяцеліў вішанькамі май.
Сыпле й сыпле, несупынны гэткі.
Прыгаршчамі поўнымі збірай
У траве пялёсткі, як манеткі.

Языком іх вецер зліжа, ах!
Не паспее і на смак забыцца –
Вішнямі-каралямі ў садах
Палахліва ліпень загарыцца.


Таццяна Цвірка